Трыбунал над дыктатарамі

08/04/2024

Ва ўладных структурах Крамля сёння вельмі занепакоеныя здарэннем у Гаазе. Там міністры юстыцыі і кіраўнікі МЗС 44 краін падпісалі дэкларацыю аб стварэнні Спецыяльнага ваеннага трыбунала для расследавання ваенных злачынстваў Расіі ва Украіне. Падпісалі краіны вялікай сямёркі, усе члены ЕС, а таксама многія іншыя дзяржавы, напрыклад, Малдова, Грузія і Аўстралія. У канферэнцыі ўдзельнічалі, у тым ліку, пракурор Міжнароднага крымінальнага суда Карым Хан, генеральны сакратар Савета Еўропы Марыя Пейчыновіч-Бурыч і прадстаўнікі Еўракамісіі.

Праца над стварэннем гэтага трыбунала вядзецца ўжо каля паўтара года. Па задуме, гэта будзе асобны судовы орган, які не мае дачынення да Міжнароднага крымінальнага суда, які выдаў ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна.

Па дадзеных нашых крыніц у Маскве, Пуцін моцна раздражнёны. Расейскім прапагандыстам ужо дадзена выразная адмашка ў адказ на гэтую навіну ізноў пачаць пагражаць усім і ўсякай ядзернай зброяй. Негалосная каманда з усіх сіл абліваць брудам краіны Захаду таксама, зразумела, прагучала. Расія рыхтуе “магутны” адказ.

Лукашэнка тым часам маўчыць. Лукашэнка баіцца. У яго асяроддзі пагаворваюць, што ён пакуль не ведае, як на гэта рэагаваць, і ва ўласцівай яму манеры стаіўся. Яму неабходна паглядзець, як адрэагуе Пуцін. Назірае, наколькі ў Крамлі спалохаліся стварэння такой новай канструкцыі ў сусветнай прававой сістэме. Самому яму складана меркаваць аб наступствах гэтага рашэння вядучых сусветных краін. І яшчэ ён незадаволены ўласнымі нядаўнімі заявамі аб магчымай вайне.

Сёння дыктатар Лукашэнка даў каманду свайму КДБ, а менавіта Івану Церцелю і дадаткова амбасадару Беларусі ў РФ Дзмітрыю Крутаму сабраць дакладную інфармацыю і далажыць яму пра ўсе дробязі, якія яны заўважаць у Маскве, пра рэакцыю на гэтую падзею не толькі ў Крамлі, але і так званых усемагутных расійскіх элітах.


Глядзіце наш Youtube канал

Telegram-канал

Падпісвайцеся на Patreon

Падтрымаць